Этот сайт использует технические (необходимые) и аналитические cookies.
Продолжая навигацию, вы соглашаетесь на использование cookies.

ДЗЕНЬ ІТАЛЬЯНСКАЙ РЭСПУБЛІКІ — 2 ЧЭРВЕНЯ 2023

Паважаныя калегі, дамы і спадары, шаноўныя сябры!

Дзякуй, што прынялі маё запрашэнне адзначыць разам 77-ю гадавіну стварэння Італьянскай Рэспублікі.

Гэта фундаментальная дата для гісторыі маёй краіны: 2 чэрвеня 1946 года італьянскі народ — на рэферэндуме — вырашыў прагаласаваць за рэспубліку.

Мне вельмі шкада, што я не магу адзначыць гэтую важную падзею з вялікай колькасцю беларускіх сяброў, якіх мы б хацелі запрасіць і якіх, на жаль, сёння няма з намі.

У апошнія гады ў нас былі ўзлёты і падзенні ў адносінах паміж Італіяй і Беларуссю, але адно можна сказаць дакладна: чалавечыя адносіны па-ранейшаму з’яўляюцца фундаментальнай асновай цеснай сувязі, якая існуе паміж нашымі краінамі.

Адразу пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рымам і Мінскам у 1992 годзе быў запушчаны праект па аздараўленню дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі: вялікі гуманітарны паветраны мост, дзякуючы якому за апошнія 30 гадоў амаль 500 тысяч беларускіх дзяцей змаглі наведаць Італію, дзе іх атулілі любоўю і прыхільнасцю італьянскія сем’і.

Гэта ўнікальны праект у свеце, які напаўняе нас гонарам.

Будзе правільна сказаць, што чалавечыя адносіны сталі асновай супрацоўніцтва паміж Італіяй і Беларуссю.

І менавіта з чалавечых адносін мы можам і павінны пачаць аднаўляць адносіны паміж Італіяй і Беларуссю, якія, на жаль, апошнім часам пазналі вельмі крытычную фазу.

У сувязі з гэтым я шчыра спадзяюся, што паездкі дзяцей адновяцца ўжо з гэтага лета. Італія робіць усё неабходнае, каб гэта адбылося ў інтарэсах беларускіх дзяцей і італьянскіх сем’яў.

Пра гэта сведчыць наша рашэнне аднавіць выдачу турыстычных віз у Італію пасля працяглага перапынку з-за пандэміі COVID.

Цесныя чалавечыя адносіны паміж Італіяй і Беларуссю спрыялі гандлёваму і двухбаковаму супрацоўніцтву ў эканамічнай сферы і адыгралі асноватворную ролю ў развіцці партнёрства паміж дзвюма краінамі.

Нават невялікая, але працавітая італьянская суполка ў Беларусі, якая сёння прысутнічае тут, адыграла важную ролю з гэтага пункту гледжання.

Да нядаўняга часу Італія мела на мэце павялічыць тавараабарот да 1 мільярда еўра ў год.

Магчыма, мы не дасягнём гэтай амбіцыйнай мэты ў бліжэйшы час, але мы працягнем працаваць у гэтым напрамку, калі сітуацыя ў Беларусі стабілізуецца і санкцыі будуць знятыя.

Гэта не тая мэта, якой можна дасягнуць у кароткатэрміновай перспектыве, але мы павінны быць гатовыя перазапусціць працу, як толькі дазволяць умовы.

Дамы і спадары, дарагія сябры,

мы жывем у вельмі складаны момант для міжнародных адносін. Вайна, якая ідзе недалёк адсюль, нагадвае нам пра каштоўнасць міру, дыялогу і супрацоўніцтва.

Італія і Еўропа ў гэтыя жудасныя дні застаюцца на баку Украіны.

Мы працягваем працаваць дзеля справядлівага міру, які паважае незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Для нас абараняць Украіну азначае абараняць каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, на якіх заснавана Еўропа.

Беларусь таксама перажывае складаны этап у сваёй гісторыі, магчыма, самы цяжкі ў яе маладым жыцці як незалежнай дзяржавы, але я ўпэўнены, што яна выйдзе з яго мацнейшай, чым была раней.

За гэтыя 5 гадоў у якасці амбасадара Італіі я меў магчымасць ацаніць дух ахвярнасці, стойкасці і мужнасці многіх беларусаў.

Італія не пашкадуе намаганняў, каб дапамагчы беларускаму народу стварыць сучасную, суверэнную і квітнеючую краіну.

Жыве Італія, жыве Беларусь, жыве дружба паміж нашымі краінамі!